Солт-Лэйк-Сіці
| Солт-Лэйк-Сіці па-ангельску: Salt Lake City | |||
| Населены пункт | |||
| |||
| Краіна | ЗША | ||
|---|---|---|---|
| Дата заснаваньня | 1847 | ||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||
| Mayor of Salt Lake City, Utah[d] | Эрын Мэндэнгал[d][1] | ||
| Геаграфія | |||
| Плошча |
| ||
| Вышыня НУМ | 1288 ± 1 м | ||
| Часавы пас | UTC-7 і MDT[d] | ||
| Каардынаты | 40°45′39″ пн. ш. 111°53′28″ з. д.HGЯO | ||
| Насельніцтва | |||
| Колькасьць |
| ||
| Этнахаронімы | Sallagurbano, saltlaquense[5], saltlaqués[5], saltlaquesa[5] і Salt Laker[6] | ||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||
| Тэлефонны код | 801 і 385 | ||
| Паштовы індэкс | 84101, 84102, 84103, 84104, 84105, 84106, 84107, 84108, 84109, 84110, 84111, 84112, 84113, 84114, 84115, 84116, 84117, 84118, 84121, 84122, 84123, 84124, 84125, 84126, 84127, 84129, 84130, 84131, 84132, 84133, 84134, 84138, 84139, 84143, 84145, 84147, 84148, 84150, 84151, 84152, 84157, 84158, 84165, 84170, 84171, 84180, 84184, 84190 і 84199 | ||
| Сайт | slc.gov (анг.) | ||
| Солт-Лэйк-Сіці на мапе ЗША ± Солт-Лэйк-Сіці | |||
Солт-Лэйк-Сіці (па-ангельску: Salt Lake City) — адміністрацыйны цэнтар і самы густанаселены горад штату Юты ў ЗША. Паводле перапісу насельніцтва 2020 году, насельніцтва складала 199 723 чалавекі[7], у той час як мэтраполія Солт-Лэйк-Сіці налічвае блізу 1,3 мільёнаў жыхароў і ёсьць 46-й паводле велічыні мэтраполіяй у краіне. Гэта адзін з галоўных гарадзкіх цэнтраў у Вялікім Басэйне разам з Рына.
Места мае моцную турыстычную індустрыю, якая перадусім палягае на лыжным спорце, прыродным адпачынку і рэлігійным турызьме. Тут ладзіліся зімовыя Алімпійскія гульні 2002 году, а Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна абраў яго месцам правядзеньня зімовых Алімпійскіх гульняў 2034 году. Ён вядомы сваёй палітычна лібэральнай культурай, якая кантрастуе зь вельмі кансэрватыўнымі схільнасьцямі іншых мясьцінаў штату[8].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Да засяленьня земляў эўрапейскімі пасяленцамі тут жылі індзейскія плямёны, сярод якіх былі шашоны, юты і паюты, якія насялялі даліну Вялікага Салёнага возера цягам тысяч гадоў. На момант заснаваньня Солт-Лэйк-Сіці даліна месьцілася на тэрыторыі паўночна-заходніх шашонаў[9]. Першым эўрапейскім дасьледнікам раёну возера, верагодна, быў Джым Брыджэр у 1825 годзе, але іншыя падарожнікі былі ў на тэрыторыі сучаснага штату і раней. Афіцэр арміі ЗША Джон К. Фрэмонт абсьледаваў Вялікае Салёнае возера і даліну Салёнага возера ў 1843 і 1845 гадах[10]. Група Донэра, то бок няўдалых першапраходцаў, прайшла праз даліну ў жніўні 1846 году. Засяленьне места датуецца прыбыцьцём мармонаў у ліпені 1847 году[11] ў час Мэксыканска-амэрыканскай вайны. Яны былі вымушаныя пакінуць ЗША і перасяліцца на мэксыканскую тэрыторыю ў пошуках адасобленага месца дзеля бясьпечнага вызнаньня сваёй рэлігіі праз гвалт і перасьлед, якія яны зазналі ў ЗША. Па прыбыцьці ў даліну Салёнага возера прэзыдэнт царквы Брыгам Янг абвесьціў гэтае месца прыдатным дзеля разбудовы паселішча.

Жыхары адразу заклалі падмурак да будаўніцтва Храма Солт-Лэйк, які зьявіўся ў квартале, які пазьней стане вядомым як Тэмпл-сквэр. Будаўніцтва храма заняло 40 гадоў, а ягонае асьвячэньне прыпала на 6 красавіка 1893 году. Ён стаў сымбалем гораду і пачаў служыць ягоным цэнтральным элемэнтам. Паўднёва-ўсходні кут Тэмпл-сквэр ёсьць пунктам адліку для мэрыдыяну Салёнага возера і для ўсіх адрасоў у даліне. Пасьля пошасьці адзёру ў 1847 годзе, якая зьнішчыла мясцовых шашоні[12]. У 1849 годзе Брыгам Янг і іншыя мясцовыя лідэры прапанавалі стварыць штат Дэзэрэт з пашыранымі тэрытарыяльнымі межамі і зьвярнуліся ў Кангрэс з пэтыцыяй аб наданьні гэтым землям адпаведнага статусу. Кангрэс адхіліў гэтую прапанову ў 1850 годзе, заснаваўшы на гэтым месцы тэрыторыю Юта з значна скарочанымі межамі і прызначыў ейнай сталіцай Філмар. Грэйт-Солт-Лэйк-Сіці замяніў гэтае места ў якасьці сталіцы тэрыторыі ў 1856 годзе, а пазьней назва была скарочана да Солт-Лэйк-Сіці. Насельніцтва гораду працягвала расьці з прыбыцьцём новых вернікаў з мармонскай царквы і шукальнікаў золата часоў Залатой ліхаманкі, што зрабіла яго адным з самых густанаселеных гарадоў на амэрыканскім Дзікім Захадзе.

Першая група пасяленцаў прывезла з сабой афрыканскіх рабоў, што зрабіла Юту адзіным месцам на захадзе ЗША, дзе мелася афрыканскае рабства[13]. Тры рабы, як то Грын Флэйк, Гарк Лэй і Оскар Кросьбі, прыбылі на захад зь першай групай пасяленцаў у 1847 годзе[14]. Пасяленцы таксама пачалі купляць індзейскіх рабоў на добра наладжаным гандлі індзейскімі рабамі[15], а таксама занявольваць індзейскіх ваеннапалонных[16][17]. У 1850 годзе ў акрузе Солт-Лэйк-Сіці налічвалася 26 рабоў[12]. У 1852 годзе тэрытарыяльны заканадаўчы сход ухваліў Закон аб службе і Закон аб дапамозе індзейскім рабам і палонным, якія афіцыйна легалізавалі рабства на тэрыторыі штату. Аднак ужо хутка, 19 чэрвеня 1862 году, падчас Грамадзянскай вайны, Кангрэс забараніў рабства на ўсіх тэрыторыях ЗША[18]. Дасьледнік, этноляг і пісьменьнік Рычард Фрэнсіс Бэртан выправіўся на вандроўку на брычцы ўлетку 1860 году, каб задакумэнтаваць жыцьцё ў Грэйт-Солт-Лэйк-Сіці. Падчас трохтыднёвага візыту яму быў дазволілі сустрэцца з Брыгамам Янгам ды іншымі знанымі людзьмі рэгіёну. Запісы ягонага наведваньня места ўлучаюць эскізы раньніх гарадзкіх будынкаў, апісаньне мясцовай геаграфіі і сельскай гаспадаркі, камэнтары да палітыкі і грамадзкага ладу места, эсэ, прамовы і пропаведзі Янга, Ісаака Морлі, Джорджа Вашынгтона Брэдлі і іншых лідэраў, а таксама фрагмэнты паўсядзённага жыцьця, такія як выразкі з газэтаў і мэню з балю для найвышэйшай клясы[19].
Спрэчкі з фэдэральным урадам узьніклі з-за практыкі палігаміі, якая ўхвалялася царквой. У 1857 годзе напружанасьць абвастрылася, калі прэзыдэнт Джэймз Б’юкэнэн выдаў праклямацыю аб зьняцьці Брыгама Янга з пасады тэрытарыяльнага губэрнатара і прызначэньні Альфрэда Камінга на ягонае месца. Янг адмовіўся прызнаць уладу Камінга, што прывяло да таго, што Б’юкенэн абвесьціў прыхільнікаў Янга паўстаўцамі і выправіў туды фэдэральныя войскі. Гэтае супрацьстаяньне, вядомае як вайна ў Юце. Падразьдзяленьне арміі ЗША, ачоленае Альбэртам Сыдні Джонстанам, зайшло ўжо ў пусты горад. У 1880-х гадах многія мясцовыя лідэры былі зьняволеныя ў тэрытарыяльнай турме ў Шугар-Гаўсе за парушэньне законаў аб барацьбе з палігаміяй. Царква пачала канчаткова адмаўляцца ад гэтай практыкі ў 1890 годзе, апублікаваўшы «Маніфэст», у якім афіцыйна прапаноўвалася вернікам выконваць законы краіны. Гэта праклала шлях да атрыманьня статусу штату ў 1896 годзе. Першая транскантынэнтальная чыгунка была завершаная ў 1869 годзе на паўночным баку Вялікага Салёнага возера[20]. Чыгунка была злучаная з горадам ад Транскантынэнтальнай чыгункі ў 1870 годзе, што зрабіла падарожжы лягчэйшымі. Затым рушыла ўсьлед масавая міграцыя розных групаў. Этнічныя кітайцы заснавалі ў Солт-Лэйк-Сіці Чайнатаўн пад назвай «Сьлівовая алея», у якім на пачатку XX стагодзьдзя тут жыло каля 1800 кітайцаў. Кітайскія прадпрыемствы і жылыя дамы былі зьнесеныя ў 1952 годзе, але тут быў усталяваны гістарычны помнік. Таксама сюды прыбылі японскія мігранты, якія ўзьвялі будыйскі храм і японскую хрысьціянскую капліцу ў цэнтры места. Шмат было эўрапейцаў.
У канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў па ўсім горадзе была пабудаваная шырокая трамвайная сетка, а першы трамвай зьявіўся на вуліцах места ў 1872 годзе. Электрыфікацыя транспартнай сыстэмы адбылася ў 1889 годзе. Як і ва ўсёй астатняй частцы краіны, аўтамабіль зь цягам часу выцесьніў трамвай, апошні зь якіх працаваў да 1945 году. Насельніцтва гораду пачало зьмяншацца ў XX стагодзьдзі, паколькі людзі перамясьціліся ў прадмесьці на поўнач і поўдзень ад Солт-Лэйк-Сіці.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Плошча Солт-Лэйк-Сіці складае 286 км², а сярэдняя вышыня над узроўнем мора сягае 1319 мэтраў. Найніжэйшы пункт у межах гораду роўны 1280 мэтрам, які месьціцца недалёка ад ракі Джордан і Вялікага Салёнага возера, а найвышэйшым пунктам ёсьць пік Грандвію[21] вышынёю 2868 мэтраў[22]. Горад разьмешчаны ў паўночна-ўсходнім куце даліны Салёнага возера, аточаны Вялікім Саляным возерам на паўночным захадзе, стромкім хрыбтом Ўосатч на ўсходзе і гарамі Окер на захадзе. Горы, якія яго атачаюць, утрымліваюць некалькі вузкіх каньёнаў, у тым ліку Сіці-Крык, Эмігрэйшн, Мілкрык і Парліс, якія мяжуюць з усходнімі межамі гораду.
Рост насельніцтва Солт-Лэйк-Сіці і навакольных раёнаў у спалучэньні зь іхным геаграфічным становішчам прывёў да таго, што якасьць паветра стала благой. Вялікі Басэйн зімой схільны да моцных тэмпэратурных інвэрсіяў, якія затрымліваюць забруджвальныя рэчывы і зьніжаюць якасьць паветра. Аддзел якасьці паветра штату Юты кантралюе якасьць паветра і выносіць папярэджаньні, каб жыхары трымаліся добраахвотных і абавязковых захадаў, калі забруджваньне перавышае фэдэральныя стандарты бясьпекі. На запатрабаваньне жыхароў былі ўхваленыя законы аб бескаштоўным грамадзкім транспарце ў студзені і ліпені, калі якасьць паветра звычайна найгоршая[23]. Прагназуецца, што да 2040 году насельніцтва аглямэрацыі Солт-Лэйк-Сіці падвоіцца, што зробіць яшчэ большы ціск на якасьць паветра ў рэгіёне[24].
Вялікае Салёнае возера аддзеленае ад Солт-Лэйк-Сіці абшырнымі багнамі і гляістымі абмелінамі. Мэтабалічная актыўнасьць бактэрыяў у возеры прыводзіць да зьявы, вядомай як «азёрны смурод», то бок вылучаецца пах, які нагадвае гнілыя птушыныя яйкі. Ён узьнікае два-тры разы на год і трымаецца цягам некалькіх гадзінаў[25]. Праз горад цячэ рака Джоржан, якая ёсьць адцёкам з возера Юта і трапляе ў Вялікае Салёнае возера.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У Солт-Лэйк-Сіці вільготны кантынэнтальны клімат, у той час як у заходніх раёнах места можа назірацца міжземнаморскі клімат, бо лета сухое і сьпякотнае, а зіма халодная і вільготная, але толькі зрэдку марозная. Усходнія раёны гораду таксама трапляюць пад зону міжземнаморскага клімату. Мусонная актыўнасьць у канцы лета і пачатку восені можа падтрымліваць даволі стабільную колькасьць ападкаў цягам усяго году, за выняткам пачатку і сярэдзіны лета, калі ападкаў няшмат. Тэмпэратура ў раёне Солт-Лэйк-Сіці вызначаецца ягонай унікальнай геаграфіяй, якая звычайна не дазваляе максымумам і мінімумам дасягнуць экстрэмальных значэньняў[26].
Асноўнай крыніцай ападкаў у Солт-Лэйк-Сіці ёсьць масіўныя штормы, якія рухаюцца зь Ціхага акіяна ўздоўж струменнай плыні з кастрычніка па травень. У сярэдзіне-канцы лета, калі струменная плынь адступае далёка на поўнач, ападкі перадусім выпадаюць у выглядзе дзённых навальніцаў, выкліканых мусоннай вільгацьцю, якая рухаецца ад Каліфарнійскай затокі. Не зважаючы на тое, што ападкі могуць быць моцнымі, штормы звычайна разьвейваюцца па тэрыторыі і зрэдку бываюць моцнымі. Аднак 11 жніўня 1999 году цэнтар гораду пацярпеў ад віхраслупа, у выніку якога загінуў чалавек, а яшчэ 60 жыхароў былі параненыя, а шкода склала 170 мільёнаў даляраў. Рэшткавыя структуры трапічных цыклёнаў з усходняй часткі Ціхага акіяна зрэдку дасягаюць места ўвосень. 1983 год быў самым вільготным годам за ўсю гісторыю назіраньняў, калі колькасьць ападкаў была роўная 616 мм, а ў 1979 годзе год быў найсушэйшым, калі ападкаў было толькі 221 мм[27]. Вясновае раставаньне сьнегу з навакольных гораў можа выклікаць лякальныя паводкі ў канцы вясны і пачатку лета. Гэтак у 1952 і 1983 гадах Сіці-Крык выйшаў з сваіх берагоў[28].
Сьнег у сярэднім выпадае з 6 лістапада па 18 красавіка, але здараецца, што сьнег падае ўжо 17 верасьня і нават 28 траўня[29][30][31]. Найбольш сьнежнай была зіма 1951—1952 гадоў, калі сьнегу нападала на 298 см, а найменш сьнежнай зіма была ў 1933—1934 гадах, калі выпала фактычна 42 см[32]. Вялікае Салёнае возера чыніць значны ўнёсак у колькасьць ападкаў у горадзе. Эфэкт возера можа ўзмацніць дождж ад летніх навальніцаў, а часам праз возера можа назірацца велізарная колькасьць сьнегападаў. Паводле ацэнак, каля 10% гадавых ападкаў у горадзе можна аднесьці да эфэкту возера[33]. У Солт-Лэйк-Сіці тэмпэратура ў розныя сэзоны значна розьніцца. Улетку ў сярэднім 56 дзён у годзе тэмпэратура складае ня менш за 32,2 °C, 23 дні — ня менш за 35 °C ды 9 дзён — 37,8 °C[34]. Аднак сярэдняя дзённая вільготнасьць у ліпені складае ўсяго 22%[35]. Зімы даволі халодныя, але зрэдку бываюць марознымі. У той час як у сярэднім 127 дзён тэмпэратура апускаецца да нуля або ніжэй, у горадзе налічваецца ў сярэднім толькі 6,3 дзён, калі тэмпэратура трымаецца на ўзроўні -12,2 °C або ніжэй. Рэкордна высокая тэмпэратура была зафіксаваная некалькі разоў за гісторыю, яна сягала 42 °C.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://www.slc.gov/blog/2020/01/06/mayor-erin-mendenhall/
- ↑ United States. Bureau of the Census 2016 U.S. Gazetteer Files (анг.) — Washington, D.C.: U.S. Census Bureau, 2016.
- ↑ United States. Bureau of the Census 2010 U.S. Gazetteer Files (анг.) — Washington, D.C.: U.S. Census Bureau, 2010.
- ↑ перапіс насельніцтва ЗША 2020 году / пад рэд. Бюро перапісу насельніцтва ЗША
- 1 2 3 http://translationjournal.net/journal/30gentilicios.htm
- ↑ Merriam-Webster Online Dictionary
- ↑ Division, U.S. Census Bureau, Data Integration City and Town Population Totals: 2010–2018. census.gov. Архіўная копія ад 05.2019 г.
- ↑ Salt Lake City: An island of liberal blue in a sea of conservative red. Utah Policy (10.2018).
- ↑ Madsen, Brigham The Shoshoni Frontier and the Bear River Massacre. — UofU Press, 1985. — ISBN 0-87480-494-9
- ↑ Alexander, Thomas G. Utah History to Go – Fremont’s Exploration. Utah State Historical Society. Архіўная копія ад 07.2011 г.
- ↑ Alexander, Thomas G.; Allen, James B. Mormons & Gentiles: A History of Salt Lake City. — Boulder, Colorado: Pruett Publishing Company. — ISBN 0-87108-664-6
- 1 2 Arave, Lynn. Tidbits of history — Unusual highlights of Salt Lake County // Deseret News, 01.2007 г.
- ↑ Beller, Jack (1929). «Negro Slaves in Utah». Utah Historical Quarterly, vol. 2, no. 4. — С. 124—126
- ↑ Slavery in Utah Involved Blacks, Whites, Indians, and Mexicans. // Utah State Historical Society
- ↑ Martha C. Knack Boundaries Between: The Southern Paiutes, 1775–1995.
- ↑ Farmer, Jared On Zion's Mount: Mormons, Indians, and the American Landscape. — Harvard University Press. — ISBN 9780674027671
- ↑ Andrés Reséndez The Other Slavery: The Uncovered Story of Indian Enslavement in America.
- ↑ An Act to Secure Freedom to All Persons Within the Territories of the United States, ch. 112, 12 Stat. 432 (1862).
- ↑ Beller, Jack (1929). «Negro Slaves in Utah», Utah Historical Quarterly, vol. 2, no. 4. — С. 124—126.
- ↑ Slavery in Utah Involved Blacks, Whites, Indians, and Mexicans. // Utah State Historical Society
- ↑ Grandview Peak Google Maps Архіўная копія ад 03.2019 г.
- ↑ Area Information – Frequently Asked Questions. Salt Lake City Corporation. Архіўная копія ад 10.2006 г.
- ↑ Frosch, Dan. Seen as Nature Lovers' Paradise, Utah Struggles With Air Quality // The New York Times, 02.2013 г. Архіўная копія ад 10.2014 г.
- ↑ Penrod, Emma American Lung Association ranks SLC in top 10 for worst air quality. — Salt Lake Tribune, 2016.
- ↑ Utah's Infamous "Lake Stink". Utah Department of Environmental Quality. Архіўная копія ад 09.2006 г.
- ↑ Climate Utah: Temperature, Climograph, Climate table for Utah - Climate-Data.org. en.climate-data.org. Архіўная копія ад 05.2017 г.
- ↑ NWS Salt Lake City – Maximum and Minimum Calendar Year Precipitation. NWS. Архіўная копія ад 01.2005 г.
- ↑ Smart, Christopher. Utah snowpack, weather revive memories of ’83 floods // Salt Lake Tribune, 05.2011 г. Архіўная копія ад 10.2014 г.
- ↑ NWS Salt Lake City – Average snowfall. NWS. Архіўная копія ад 12.2004 г.
- ↑ NWS Salt Lake City – Earliest and latest measurable snowfall. NWS. Архіўная копія ад 12.2004 г.
- ↑ Late spring snowstorm surprises Utahns // KSL-TV, 05.2010 г. Архіўная копія ад 05.2022 г.
- ↑ NWS Salt Lake City – Maximum and minimum seasonal snowfall. NWS. Архіўная копія ад 12.2004 г.
- ↑ Bauman, Joe. Lake has great impact on storms, weather // Deseret News, 08.1999 г. Архіўная копія ад 10.2013 г.
- ↑ NWS Salt Lake City – Average number of days per month of 90, 95, and 100 degrees or more. NWS. Архіўная копія ад 01.2009 г.
- ↑ National Weather Service Salt Lake City – Relative humidity averages by month/hour. NWS. Архіўная копія ад 05.2011 г.